Наверх

Янка Купала. Цікавыя факты з жыцця народнага паэта

07 июля 2022

Творы гэтага паэта перакладзены больш чым на сто моў, ён стаў духоўным сівалам і нацыянальным здабыткам Беларусі, сапраўдным песняром свайго народа. Сёння 140 год з дня нараджэння Янкі Купалы.

Лёс падарыў яму прыжыццёвую славу і ўсенароднае прызнанне, але яго сапраўднае жыццё было нашмат складаней, чым хрэстаматыйны шлях паэта.

Іван Дамінікавіч Луцэвіч нарадзіўся 7 ліпеня (па новым стылі) 1882 года ў фальварку Вязынка Вілейскага павета, цяпер гэта Маладзечанскі раён. У дзяцінстве яго звалі Ясем, ён быў старэйшым сынам у сям’і беднага шляхціча Дамініка Луцэвіча і сялянкі Бянігны Валасевіч. Род Луцэвічаў быў старажытны і ўзгадваецца ў дакументах 17 стагоддзя. Дзед Янкі Купалы арэндаваў зямлю ў князёў Радзівалаў, але за нявыплату вымушаны быў пакінуць родны край. Гэты трагічны факт паэт пазней паклаў у паэму «Раскіданае гняздо».

З-за пастаянных пераездаў ад фальварка да фальварка Купале да 16 гадоў удалося скончыць толькі Бяларуцкае народнае вучылішча. Ён працаваў народным настаўнікам, малодшым прыказчыкам, памошнікам вінакура на бровары і нават пісарам у судовага следчага ў Радашковічах.

Свой першы верш Купала напісаў у 1902 годзе на польскай мове і надрукаваў у часопісе «Ziarno» («Зерне») пад псеўданімам К-а. У гэты ж час малады паэт пазнаёміўся са сваім літаратурным настаўнікам, пісьменнікам Антонам Лявіцкім, які больш вядомы пад псеўданімам Ядзвігін Ш. Менавіта ў яго дома Янка Купала ўбачыў багаты збор твораў на беларускай мове. Гэта перавярнула яго светапогляд, ён пачаў пісаць па-беларуску.

Потым Купала напісаў: «У 1904 годзе трапляюцца мне ў рукі беларускія пракламацыі і рэвалюцыйныя брашуры на беларускай мове. Гэта канчаткова вырашыла, што я беларус і што адзінае маё прызначэнне — служыць свайму народу ўсімі сіламі сваёй душы і сэрца».

У ліпені 1904 года свет убачыў першы верш на роднай мове «Мая доля», а поспех прыйшоў пасля таго, як 15 мая 1905 года у мінскай газеце «Северо-западный край» быў надрукаваны верш «Мужык». З таго часу літаратар пачаў ужываць псеўданім Янук Купала.

На пачатку 1908 года ў Санкт-Пецярбургу ў беларускім выдавецтве «Загляне сонца і ў наша аконца» выйшаў першы зборнік Купалы — «Жалейка», дзе былі надрукаваны вершы 1905-1907 гадоў і паэма «Адплата кахання».

Рэдактарам зборніка быў знакаміты дзеяч беларускай культуры, педагог, выдавец, адзін з лідэраў беларускага руху ў Санкт-Пецярбургу Браніслаў Эпімах-Шыпіла. Цікава, што псеўданім аўтара зборніка Янук Купала ён памылкова напісаў як Янка Купала. І з таго часу менавіта такім псеўданімам пачаў падпісваць свое творы Іван Дамінікавіч Луцэвіч.

Паэт адчуваў, што яму не хапае ведаў і таму ў 1909-1913 гадах ён займаўся на агульнаадукацыйных курсах Чарняева ў Санкт-Пецярбургу, вывучаў тэорыю і гісторыю літаратуры. З паступленнем на курсы Купалу дапамог таксама Эпімах-Шыпіла, ён жа вельмі моцна падтрымаў маладога літаратара, як духоўна, так і матэрыяльна. Увесь час навучання на курсах Купала жыў у яго кватэры. Па словах паэта, курсы далі яму «вельмі многа… сістэматызавалі хаатычныя веды».

У Пецярбургу Купала пазнаёміўся з прадстаўнікамі перадавой рускай інтэлігенцыі, прагрэсіўна настроенай моладдзю, удзельнічаў у пасяджэннях Беларускага навукова-літаратурнага гуртка — культурна-асветнай арганізацыі студэнтаў-беларусаў Санкт-Пецярбургскага універсітэта.

Гады навучання на курсах былі вельмі плённымі, у  1910-1913 гадах Купала напісаў паэмы «На Куццю», «На Дзяды», «Яна і я», «Курган», «Бандароўна», «Магіла льва», «Сон на кургане», «Гусляр». А яшчэ паэт пераклаў на беларускую мову з рускай, украінскай і польскай некаторыя творы Крылова, Кальцова, Някрасава, Шаўчэнкі, Міцкевіча, Дуніна-Марцінкевіча.

Летам 1912 года Янка Купала прыехаў да Якуба Коласа у Стоўбцы, гэта была іх першая сустрэча. Яны добра ведалі літаратурныя творы адзін аднаго, але асабіста знаёмыя не былі. Тое першае знаёмства з часам перарасло ў сяброўства двух вялікіх майстроў слова.

У той жа час Купала напісаў свае першыя п’есы – «Паўлінка» і «Прымакі», якія сталі падмуркам беларускай нацыянальнай камедыі і драмы.

У 1913 годзе свет убачыў трэці паэтычны зборнік Купалы «Шляхам жыцця». У гэтых творах адчуваецца глыбокі філасофскі роздум пра мінулае і будучыню роднага краю. Паэтычны талент Купалы вызначыў яго буйнейшым прадстаўніком беларускага рамантызму.  

Янка Купала – класік беларускай літаратуры, акадэмік, першы народны паэт, які ўнёс неацэнны ўклад у развіццё беларускай літаратуры, культуры і мовы. Яго творчасць – вялізная колькасць вершаў, драматургія і яскравая публіцыстыка ад першага і да апошняга радка – пра Беларусь.

Сяргей КIРЫК

Лента новостей
Слушать радио
Новое радио Народное радио
Лента новостей
26 апреля 2024 25 апреля 2024 24 апреля 2024 23 апреля 2024
Все новости