Наверх

Святыя Дзяды, хадзіце сюды: у Беларусі адзначаюць Дзень памяці

02 ноября 2018

Калісьці нашы продкі на год адзначалі некалькі дзён памяці, але самымі ганаровымі лічыліся восеньскiя Дзяды. У гэты дзень не ішлі на могілкі, наадварот, запрашалі духаў памерлай радні ў госці да сябе.

Перад Дзядамі звычайна прыбіралі хату, самі мыліся ў лазні, рыхтавалі спецыяльныя стравы на святочную вячэру.

Вечарам на падваконне ставілі міску з вадой і клалі ручнік, прыадкрывалі фортку – каб душы маглі “заляцець”, “памыць” рукі перад ежай. На святочна прыбраны стол клалі адзін дадатковы прыбор, ставілі пустое крэсла – для продкаў. Гаспадар запальваў свечку, чытаў малітву і запрашаў продкаў на вячэру.

Перад тым, як спрабаваць чарговую страву, перш за ўсё яе адкладвалі на асобную талерку –  “для Дзядоў”. Страў павінна быць няцотная колькасць і не менш за 7, сярод якіх абавязкова – куцця, або спецыяльна прыгатаваная каша.

Звычайна такая памінальная вячэра была ціхай, па-дамашняму ўтульнай і зацягвалася надоўга. Сям’я па чарзе, ад галавы роду (наколькі кален памяталі) згадвала продкаў – незалежна ад таго, дзе яны пахаваны. Гаварылі пра іх характары, успаміналі выпадкі з жыцця, а таксама ўчынкі, якімі могуць ганарыцца наступныя пакаленні, і дзякавалі за дапамогу ды апекаванне. Заканчвалі ўспаміны тымі, хто памёр нядаўна. За такім сталом, дарэчы, дазвалялася размаўляць толькі пра тых, каго сярод жывых няма.

У гэты вечар абавязкова шчодра надзялялі жабракоў, якія хадзілі па дамах. А пасля вячэры гаспадар праважаў духаў словамі: “Святыя Дзяды, паелі-папілі – гонар і пашана вам”. З-за стала ўставалі спачатку найстарэйшыя члены сям’і, а пасля – па старшынству, апошнімі – дзеці. Са стала не прыбіралі і пакідалі прыадчыненай фортку: раптам хтосьці з Дзядоў затрымаецца або спозніцца. Рэшткі ежы раніцай аддавалі бедным, птушкам або жывёле.

Сёння дзень памінавення яшчэ адзначаецца ў вёсках, хаця традыцыя спакваля і знікае. Дзяржаўны Дзень памяці здольны захаваць ушанаванне продкаў, звязаць сучаснасць з каранямі, якія падпітваюць нас духоўнай энергіяй.

Святлана ЛОКТЫШ

Фото с сайта bandoska.pl

Лента новостей
Слушать радио
Новое радио Народное радио
Лента новостей
25 апреля 2024 24 апреля 2024 23 апреля 2024
Все новости