Святло, якое аб’ядноўвае католікаў і праваслаўных: Вiфлеемскі агонь прыбыў у Мінск
20 снежня перад Святой Імшой ў 18.30 адбылося яго ўрачыстае ўнясенне ў архікафедральны касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі, дзе агонь сустрэў біскуп Юрый Касабуцкі, паведамляе Catholic.by.
Прысутныя ў святыні вернікі змаглі запаліць ад Вiфлеемскага агню знічы, каб занесці агонь у свае дамы.
А перад гэтым, 19 снежня, агонь, перададзены ў Беларусь польскімі скаўтамі, сустрэлі ў Гродне.
У сустрэчы агню ў Гродзенскім кафедральным касцёле ўдзельнічаў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, святары, шматлікія католікі Гродна і іншых мясцін нашай краіны, якія прыбылі, каб занесці гэты агонь у свае дамы і парафіі.
21 снежня ў 19.00 агонь перавязуць у касцёл святых Сымона і Алены (Чырвоны касцёл). На працягу наступных трох дзён ён перадаецца ў іншыя святыні Мінска. Расклад «падарожжа» Вiфлеемскага агню па парафіях Беларусі глядзіце тут.
Вiфтлеемскі агонь аб’ядноўвае прадстаўнікоў розных веравызнанняў: ён трапіць як у каталіцкія, так і ў праваслаўныя святыні Беларусі.
Цудоўную перадкалядную традыцыю — распаўсюджванне Вiфлеемскага агню — распачалі ў 1986 годзе ў аўстрыйскім горадзе Лінц. Першапачаткова яна планавалася як акцыя ў перыяд калядных святаў з мэтай падтрымкі дзяцей-інвалідаў і ўсіх, хто патрабуе дапамогі і ўвагі. Гэтую высакародную справу адразу ўзялі ў свае рукі еўрапейскія скаўты.
Кожны год аўстрыйскія скаўты бяруць агонь у месцы нараджэння Езуса Хрыста ад нязгаснай лампады ў базыліцы Нараджэння Пана ў Вiфлееме і дастаўляюць яго самалётам у Аўстрыю. Пасля ўрачыстасцей у кафедральным касцёле ў Вене агонь перадаецца ў іншыя краіны.