Наверх

Насустрач школьнай мары. Як малады менеджэр стаў класным кіраўніком и не пашкадаваў

29 сентября 2023

З Міхаілам Тарасам, настаўнікам мінскай школы №30, пашанцавала пазнаёміцца на эдутоне «Ушацкая хваля». На мерапрыемстве, дзе збіраюцца вопытныя і крэатыўныя педагогі з усёй Беларусі, ён аказаўся самым маладым. Але трапіў туды невыпадкова.

Менеджэр з душой педагога

Быць настаўнікам Міхаіл вырашыў яшчэ ў сярэдняй школе. Але калі прыйшоў час выбіраць ВНУ, у справу ўмяшаліся бацькі. Мацi, выхавальніца дзіцячага сада, была непахіснай: хлопцу няма чаго рабіць у педагогіцы! І Міхаіл саступіў. Стаў студэнтам факультэта маркетынгу, менеджменту і прадпрымальніцтва БНТУ.

– Калі ішоў на заняткі міма сваёй роднай школы, ўнутры нешта сціскалася, – прыгадвае ён. – Але ў лістападзе атрымаў лёсавызначальны падарунак на свой дзень нараджэння. Мне патэлефанавала дырэктар школы Святлана Мікалаеўна Чурбанава і запрасіла зайсці. Аказалася, кіраўніцтва даўно планавала ўзяць мяне на працу арганізатарам. Ад гэтай радаснай навіны ажно дух заняло.

Чатыры гады, пакуль будучы менеджар-эканаміст, а па факце малады педагог, сумяшчаў работу і вучобу, яго не адпускала мара. І калі ў школе запыталіся, ці плануе ён атрымліваць другую адукацыю, хлопец не вагаўся. Зарэгістраваўся на ЦТ, пачаў рыхтавацца да вуснага экзамена па літаратуры ў БДПУ імя Максіма Танка, бо абраў беларускую філалогію. Адзіны з групы здаў на «10».

Настаўнік не на замену

Другая вышэйшая адукацыя адтэрміноўкі на службу ў войску не давала, і, стаўшы студэнтам, Міхаіл неўзабаве атрымаў позву. Але ў войску вучобу не спыніў. Выкладчыкі дасылалі яму заданні і кантрольныя, а ён перадаваў іх ва ўніверсітэт праз бацькоў. У выніку, калі вярнуўся, змог далучыцца да сваёй групы. Дарэчы, адзнак ніжэй за «8» у яго не было. Міхаіл упэўнены: вельмі дапамог досвед першай вышэйшай адукацыі. Хаця і прызнаецца: у БНТУ часам дазваляў сабе спісваць. У педагагічным універсітэце не робіць гэта прынцыпова.

– Я ведаў, што ўсё адно буду настаўнікам, – гаворыць Міхаіл. – І нават калі паступіў у БНТУ, планаваў скончыць педагагічны, толькі да канца не верыў, што атрымаецца.

Да дыплома сваёй мары яму трэба давучыцца яшчэ адзін год. Але з 1 верасня Міхаіл ужо не проста арганізатар і настаўнік на замену. Малады чалавек атрымаў паўнавартаснае класнае кіраўніцтва і ўласныя гадзіны беларускай мовы і літаратуры. Пры гэтым клас яму даверылі патрыятычны.

У гэтым годзе такія адкрыліся на базе кожнай установы адукацыі. У школе №30 вырашылі не надаваць гэты статус асобнаму класу, а стварыць новы. Міхаіл падрыхтаваў прэзентацыю, з якой хадзіў на бацькоўскія сходы, расказваў пра будучы вучнёўскі калектыў і пра тое, што іх чакае. У выніку да маладога настаўніка перайшлі 18 чалавек з паралелі, яшчэ 10 набралася з іншых школ горада і Мінскага раёна.

Незакінутыя праекты

Негледзячы на занятасць, Міхаіл не плануе спыняць праекты, якія актыўна рэалізоўваў на пасадзе арганізатара. А іх нямала. Напрыклад, у мінулым годзе правялі гастрафэст. Класы прадстаўлялі пэўную краіну, яе касцюмы і прэзентавалі нацыянальную ежу. Прыгожа выглядала, напрыклад, кухня Італіі, прыгадвае Міхаіл. Але беларускія стравы нічым не саступалі: дзеці выляпілі бульбяное парася з мясной праслойкай. І каб не відэа, на якім удзельнікі паказвалі працэс гатавання, можна было б падумаць, што яно набытае.

На «Бітве пакаленняў» спявалі песні: вучні – часоў дзяцінства іх настаўнікаў, настаўнікі – сучасныя кампазіцыі. Міхаіл працягвае і традыцыйныя мерапрыемствы, напрыклад, грандыёзны праект «Школа, якая танцуе». Апошняй тэмай быў кінематограф, і каманда педагогаў выбрала фільм «Іван Васільевіч мяняе прафесію». Харэаграфічную партыю царыцы Марфы Васільеўны выканала дырэктар.

– У нас цудоўны калектыў, дзе падтрымліваюць самыя розныя ініцыятывы, а кіраўніцтва заўсёды дапамагае добрым словам і карыснай парадай. Дырэктар змагла сабраць вакол сябе сапраўды апантаных і творчых настаўнікаў. Бывае, нехта пабурчыць: зноў Тарас, колькі можна. А пасля – пабачыўшы гатовы прадукт, шчаслівыя вочы дзяцей, удзячнасць бацькоў – нязменна дзякуе.

Дарэчы, настаўнікі ад самага пачатку ставіліся да свайго былога вучня як да роўнага. Трымаюць субардынацыю і навучэнцы, якія яшчэ некалькі год таму былі ягонымі малодшымі таварышамі.

– Здаралася, спачатку забываліся, называлі мяне проста Міша, за вочы і зараз клічуць Тарасікам. Але я не раблю з гэтага праблемы, – усміхаецца настаўнік. – Я люблю людзей, люблю дзяцей. І хачу працаваць з імі сумленна, прыгожа, каб мы ўсе атрымлівалі ад гэтага карысць і асалоду.

Вікторыя ДАШКЕВІЧ

Фото Сцяпана ЦЮШКЕВIЧА

Лента новостей
Слушать радио
Новое радио Народное радио
Лента новостей
6 мая 2024 5 мая 2024 4 мая 2024 3 мая 2024 2 мая 2024
Все новости